Яна прыходзіла да нас на другі дзень майго прыезду ў вёску. Садзілася на лаўку, уздыхала і пыталася, ці не пачуў я чаго пра яе сына. Каб вы толькі ведалі, як няёмка было мне! Я гатовы быў праваліцца скрозь зямлю, абы не бачыць яе, не чуць кожны раз аднаго і таго ж пытання. Сына яе, пятнаццацігадовага Міцю, у час вайны вывезлі ў Нямеччыну, і адтуль ён не вярнуўся. Старая аднекуль узяла сабе ў галаву, што я чалавек граматны і, калі паклапачуся, магу даведацца, дзе цяпер яе сын. Яна не сумнявалася, што ён жыве, і не магла зразумець, чаму ён не дае аб сабе нікому почуту. Жанчына звычайна казала, што нешта замінае яму, інакш адазваўся б.Я, вядома, быў бы рад памагчы, але ў штодзённай мітусні забываўся на просьбу старой. Так было некалькі год. І вось, прыехаўшы зноў дадому, я на другі ж дзень адчуў, што адпачынак мой ідзе не так, як усе ранейшыя леты, што мне нечага не хапае. Я блукаў па знаёмых з маленства мясцінах, гутарыў з бацькамі, знаёмымі, сябрамі, але ўсё роўна адчуваў на душы нейкі неспакой. Увесь час мне здавалася, што нешта не тое. І аднойчы я здагадаўся, у чым прычына такога настрою: да мяне не прыйшла тая бабулька, што прыходзіла заўсёды. Я спытаўся ў маці, што са старою, чаму яна не наведалася да нас. І пачуў, што няма яе ўжо на белым свеце. І ў тую ж хвіліну я падумаў, што ў нечым вінаваты перад гэтай бабулькай. І гэтага ўжо не паправіць. У горад я паехаў з прыкрасцю на душы. Гэтая прыкрасць не пакідае мяне і сёння.