Надышоў красавік. Уся прырода ажыла, пацягнулася да святла.
Непаўторнай духмянасцю пупышак і першых вясновых кветак напоўнілася
паветра.
З прыходам красавіка перамянілі сваё жыццё лясныя жыхары. Прачнуўся
і вылез з бярлогі мядзведзь, ажылі краты і землярыйкі. З далёкіх цёплых
краёў вярнуліся дзівосныя лясныя птушкі.
Красавік — гэта час першых веснавых грыбоў. На ўзлесках, лясных
высечках і выжарынах, сярод леташняй травы, каля вялікіх гнілых пнёў
з'явіліся карычневыя галоўкі смарчкоў і страчкоў.
Прыкметныя змены адбыліся і ў падводным царстве. Рыбы выйшлі з
глыбокіх частак вадаёмаў, дзе правялі ўсю зіму, і пачалі актыўнае
харчаванне.
А красавіцкае сонца грэе з кожным днём усё цяплей. Зазелянелі
першай лістотай чаромхі, парэчкі. Зацвілі нешматлікія веснавыя кветкі,
над якімі з раніцы да вечара шчыруюць працавітыя пчолы. Па зямлі
ўпэўнена крочыць вясна, і ўсё жывое радуецца яе прыходу.